Лютэранская кірха святога Іаана

Лютэранская кірха святога Іаана — помнік архітэктуры неаготыкі. Гэта адзіны лютэранскі храм, які дзейнічае ў Беларусі.

Пабудаваны ён на месцы так званага “тракціра на Гарадніцы” (іншая назва — “Тракцір для іншаземных работнікаў”). 20 лістапада 1793 г. указам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага тракцір разам з зямельным надзелам былі перададзены ў вечнае валоданне гродзенскім лютэранам. Этнічныя немцы, перш за ўсё будаўнікі ды купцы з Усходняй Прусіі, з’ўляліся неад’емнай часткай насельніцтва Гродна яшчэ з 15 ст.

Абавязкі першага гродзенскага прапаведніка часова стаў выконваць штабны хірург Міхаіл Пэц, далей яго замяніў пастар Хільзеніц, а пасля яго пераезду ў Вільню, на яго месца быў абраны Вільгельм Бройнліх з Курляндыі. Па яго ініцыятыве быў пачаты збор сродкаў на арган для храма, які прастаяў каля сарака гадоў і пазней быў падораны гродзенскай абшчынай адзінаверцам у Белавежскую пушчу.

У 1847—1849 гг. лютэранская кірха была перабудавана па праекце гродзенскага губернскага архітэктара І. Міхаэліса. Пазнейшы “касметычны” рамонт у 1864 ды 1872 гг. практычна не змяніў агульны выгляд кірхі. А у 1873 г. комплекс папоўніўся званіцай з гадзіннікам. Захаваліся дзве выявы кірхі да перабудовы ў неагатычным стылі — малюнак Н. Орды і паштоўка пачатку XX ст. На іх бачна, што мураваны будынак кірхі быў атынкаваны, меў сіметрычны чатырохскатны дах з невялікай званіцай на самым версе даху. Будынак кірхі (разам з могілкамі) быў абнесены мурамі. У 1912 г. кірха была грунтоўна перабудавана.

У 1938 г. з-за хваробы пастара кансісторыя ўсталявала калегіяльнае ўпраўленне абшчынай, а абавязкі адмінісратара прыняў на сабе Кароль Мессершміт — гродзенскі вайсковы капелан.

Рашэннем Гарвыканкама ад 28 верасня 1944 г. кірха была перададзена пад абласны архіў. Пры гэтым частка інтэр’ера храма — мэбля, люстры, арган — былі перададзены ў абкам партыі і мясцовыя органы ўлады. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці мясціўся тут да 1993 г.

У 1995 г. будынак вярнулі евангеліцка-лютэранскай абшчыне. З 2013 г. па 2015 г. праводзілася рэканструкцыя кірхі. А у 2014 г. у храме быў усталяваны арган, зроблены ў Франкфурце-на-Майне (Германія).

Кірха уяўляе сабой аднанефавую аднавежавую пабудову з пяціграннай апсідай і сакрысціямі. Галоўны фасад мае сіметрычную, выцягнутую па вертыкалі дынамічную кампазіцыю. Квадратная ў плане, высокая манументальная вежа-званіца выступае з асноўнага аб’ёму. Галоўны ўваход (праз вежу) аформлены вялікім стрэльчатым парталам, над ім — “акно-ружа”. Да 2015-га года вежа была завершана высокім ламаным па форме вострым шатром. Затым быў усталяваны новы шпіль, з-за чаго кірха стала вышэй на 16 м. Канструкцыя складаецца з драўлянага “гарсэта”, які абабіты лістамі металу. Верхавіну шпіля ўпрыгожвае двухмятровы крыж. Таксама былі ўсталяваны дзевяць шпілей меншага памеру, кожны з іх вянчае крыж. На вежы ў адносна добрым стане захаваўся гадзіннікавы механізм. Сцены абведзены шырокім карнізным паяском, умацаваны контрфорсамі. У бакавых вокнах каляровыя вітражы з гатычнымі металічнымі пераплётамі. Інтэр’ер храма мае выцягнутую па падоўжнай восі сіметрычную кампазіцыю. На другім паверсе вежы — маленькія хоры.

Адрас: Беларусь, г. Гродна, вул. Акадэмічная, 7а.

Рэжым працы: сб: 18:00; вск: 10:00

Сайт: http://luther.by/

Бібліяграфія:

1. Акадэмічная №7а — Кірха // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня – Вроцлаў, 2012. – С. 33−35.

2. Багласаў, С. Г. Гродзенская кірха / С. Г. Багласаў // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 168.

3. [Будынак былой кірхі] // Дзяржаўны спіс гісторыка культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 308.

4. Гродненская кирха // Регионы Беларуси: в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 2. – С. 186.

5. Канюк, Н. Гродненская кирха и ее инструменты: [1832 − нач. ХХ в.] / Н. Канюк // Вечерний Гродно. − 2013. − 31 июля. − С. 28.

6. Кузнеченкова, Т. В [Гродненской лютеранской] кирхе зазвучит орган / Т. Кузнеченкова // Гродзенская праўда. − 2014. − 9 красавіка. − С. 3.

7. Кулагiн, А. М. Эклектыка : архiтэктура Беларусi другой паловы ХIХ - пачатку ХХ стагоддзя / А. М. Кулагін. − Мінск : Ураджай, 2000.− 303с. Из содерж.: [Евангеліцкая кірха]. − С. 178−179.

8. Лютеранская кирха св. Иоанна [ Электронный ресурс ] // Религиозная евангелическо-лютеранская община города Гродно. – Режим доступа: http://www.luther.by/nasha-obshhina/ . – Дата доступа: 25.05.2017.

9. Папко, Ю. Старая кірха адмотвае стагоддзі / Ю. Папко // Рэспубліка. − 2015. − 5 чэрвэня. − С. 3.

10. Саяпин, В. Ю. 50 гродненских улиц: прогулки во времени / В. Ю. Саяпин. – Гродно: ЮрСаПринт, 2015. – 325 с. Из содерж.: [Лютеранская кирха]. − С. 291.

11. Саяпин, В. Ю. Гродно и гродненцы : 30 лет XX века, 1944―1974 гг. / В. Ю. Саяпин. – Гродно: ЮрСаПринт, 2017. − 389 с. Из содерж.: [Лютеранская кирха]. − С. 118.

12. Шумская, И. Гродненская кирха / И. Шумская // Шедевры нашей старины / И. Шумская; под общ. ред. А. Е. Тараса. − Минск, 2014. − С. 194 − 196.

wwe wwe wwe wwe wwe